На блізкай імітацыі прэзідэнцкіх выбараў «канкураваць» з Аляксандрам Лукашэнкам у бюлетэнях будзе яго фан-клуб. У офісах партый і арганізацый, якія нібыта падтрымліваюць «альтэрнатыўных» кандыдатаў, адкрыта заяўляюць, што будуць галасаваць за палітыка, а «супернікі», якія зняліся з кампаніі, кажуць, што прадстаўляюць яго каманду. Відавочна, адзіная інтрыга, якая захавалася, — гэта тое, які працэнт галасоў, нібыта аддадзеных за Лукашэнку, абвесціць ЦВК. Праўладныя прапагандысты сцвярджаюць, што рэкорд 2015 года (83,47%) будзе перабіты: Ігар Тур лічыць, што палітык набярэ больш за 90% галасоў, а Рыгор Азаронак нават ставіць на такі вынік свой зуб. Мы вырашылі праверыць, якую падтрымку малявалі сабе на выбарах іншыя дыктатары. І выявілі, што нават на іх фоне 90-працэнтны паказчык, які абяцаюць Лукашэнку прапагандысты, выглядае вельмі нясціпла. Хто з сусветных аўтакратаў хаця б спрабаваў быць сумленным, хто паводзіўся сціпла, а хто імітаваў неверагодную агульнанародную падтрымку сябе любімага? Успамінаем.
Сумленныя дыктатары
Дзіўна, але некаторыя аўтакраты дэманструюць пахвальную сумленнасць у пытанні выбараў, дапускаюць аб’ектыўны падлік галасоў і нават прызнаюць непрыемныя для сябе вынікі выбараў і рэферэндумаў. Само па сабе гэта не робіць з іх прыстойных і справядлівых кіраўнікоў — на сумленні такіх палітыкаў часта ёсць іншыя крывавыя злачынствы. Але гатоўнасць прызнаць сапраўдную волю народа, безумоўна, выгадна адрознівае іх ад іншых «калегаў».
Так, у 1988 годзе не стаў фальсіфікаваць вынікі лёсавызначальнага для сябе рэферэндуму дыктатар Чылі Аўгуста Піначэт, што кіраваў як старшыня вайсковай хунты. Гэтае волевыяўленне народа фактычна было безальтэрнатыўнымі прэзідэнцкімі выбарамі, на якіх грамадзянам прапанавалі прагаласаваць за ці супраць падаўжэння паўнамоцтваў палітыка на чарговыя восем гадоў. За прагаласавала толькі 43% чылійцаў, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, а 54,7% выказалася адмоўна.
Зрэшты, на адмове ад фальсіфікацыі саміх вынікаў рэферэндуму сумленнасць Піначэта скончылася. Паводле інфармацыі Мінабароны ЗША, пасля такой паразы ён склікаў хунту ізапатрабаваў у яе надзвычайных паўнамоцтваў для захавання ўлады, плануючы ўвесці войскі ў сталіцу. Але вайскоўцы прызналі, што ён прайграў плебісцыт, і адмовіліся абараняць яго ўладу. У снежні 1989 года ў Чылі прайшлі дэмакратычныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары.
Яшчэ адным прыкладам такой умоўна сумленнай дыктатуры была калектыўная вайсковая хунта Уругвая і прызначаны ёю прэзідэнт Апарысіа Мендэс. У 1980 годзе яна вырашыла надаць сабе больш легітымнасці з дапамогай агульнанароднага рэферэндуму, які мусіў узаконіць неканстытуцыйную Раду нацыянальнай бяспекі, «укамплектаваную» ў асноўным сілавікамі. Кантраляваныя хунтай СМІ актыўна «падказвалі» грамадзянам, каб тыя прагаласавалі за папраўкі да Канстытуцыі. Але 57,2% уругвайцаў прагаласавала супраць — а хунта не наважылася падтасоўваць вынікі рэферэндуму, які паставіў пад сумнеў яе легітымнасць. Усвядоміўшы адсутнасць народнай падтрымкі, уругвайская дыктатура змірылася з ім і праз два гады правяла ў краіне дэмакратычныя парламенцкія выбары.
Вельмі сціплыя дыктатары
Да гэтай катэгорыі мы аднеслі аўтакратаў, якія «малявалі» сабе народную падтрымку на ўзроўні ад 50 да 70%.
У ліпені 2024 года пра сціплую перамогу свайго кандыдата з вынікам 51,2% галасоў абвясціў рэжым Нікаласа Мадура ў Венесуэле. Мяркуючы з усяго, намаляваць большы працэнт яго прыхільнікам перашкодзіла нікчэмная рэальная папулярнасць палітыка. Паводле звестак апазіцыі, альтэрнатыўны кандыдат Эдмунда Гансалес Урутыа набраў больш за 70% галасоў. Але нават умоўная сціпласць Мадура не дапамагла яму дадаць легітымнасці сваёй уладзе: пасля абвяшчэння афіцыйных вынікаў выбараў Венесуэлу ахапілі масавыя пратэсты.
Часам дыктатарам называюць прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Так гэта ці не — кожны з чытачоў можа меркаваць сам. Але калі дапусціць, што палітык — сапраўды дыктатарам, яго можна лічыць адным з самых сціплых прадстаўнікоў гэтага тыпу палітычных дзеячаў. Бо падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў ён захаваў сваю пасаду толькі з дапамогай другога тура.
Гэтыя выбары прайшлі ў траўні 2023 года, і турэцкая апазіцыя паведамляла пра шматлікія фальсіфікацыі падчас іх. Аднак у першым туры, паводле афіцыйных звестак, Эрдаган набраў усяго 49,5% галасоў. З катэгорыі «сумленных» у катэгорыю «вельмі сціплых» дыктатараў ён трапіў толькі па выніках другога тура, у якім атрымаў, паводле сцверджання турэцкага ЦВК, 52,18% галасоў выбаршчыкаў.
Дыктатары сярэдняй сціпласці
У гэтую групу ўвайшлі аўтакраты, якія згаджаліся на вынікі выбараў ад 70 да 90% на сваю карысць. У іх лік уваходзіць, напрыклад, партугальскі дыктатар Антоніу ды Салазар.
У 1958 годзе ў Партугаліі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Салазар тады займаў пасаду прэм’ер-міністра з дыктатарскімі паўнамоцтвамі, а прэзідэнт у краіне быў хутчэй дэкаратыўнай фігурай. За выключэннем адной дэталі: чалавек на гэтай пасадзе, згодна з Канстытуцыяй, мог адправіць прэм’ер-міністра ў адстаўку.
Салазар вылучыў на пасаду прэзідэнта паслухмянага ваенна-марскога міністра Амерыку Тамаша. Галасуючы за яго, грамадзяне фактычна падтрымлівалі самога Салазара. Але выбары не былі фармальнасцю: кіроўны рэжым дапусціў да ўдзелу ў іх сапраўднага альтэрнатыўнага кандыдата, генерала ВПС Умберту Дэлгаду. Гэты афіцэр імкнуўся кінуць выклік рэжыму, карыстаўся падтрымкай дэмакратычнай апазіцыі, а на пытанне, што ён зробіць з Салазарам у выпадку перамогі на выбарах, наўпрост адказаў: «Вядома, я яго звольню».
Выбары прэзідэнта Партугаліі 1958 года, вядома, не былі сумленнымі. Таемная паліцыя рэжыму Салазара, PIDE, пераследавала прыхільнікаў Дэлгаду. Паступала шмат паведамленняў пра фальсіфікацыі, прадстаўнікам апазіцыі адмовілі ў назіранні за падлікам бюлетэняў. Як лічылі многія нейтральныя назіральнікі, без такіх махінацый Дэлгаду перамог бы. Тым не менш падкантрольнаму Салазару Тамашу дастаткова сціпла намалявалі 76,4% галасоў выбаршчыкаў. А апазіцыянеру засталося «цэлых» 23,6%. Праз сем гадоў супрацоўнікі PIDE завабяць Дэлгаду ў пастку і заб’юць на іспанска-партугальскай мяжы.
Яшчэ адзін сярэднясціплы дыктатар — нязменны прэзідэнт Нікарагуа Даніэль Артэга. На апошніх (і пятых для палітыка) прэзідэнцкіх выбарах 2021 года яму «намалявалі» 75% галасоў выбаршчыкаў. Пры гэтым незалежныя перадвыбарчыя апытанні паказвалі прыкладна 20-працэнтную падтрымку Артэгі і створанага ім рэжыму сярод жыхароў краіны.
Атрымаць такі вынік нікарагуанскі аўтакрат змог з дапамогай таго ж спосабу, якім цяпер карыстаецца Лукашэнка: да выбараў былі дапушчаныя толькі ён сам і кандыдаты-спойлеры, якіх у незалежных ад улады СМІ называлі калабарацыяністамі. Рэальных жа палітычных канкурэнтаў Артэгі перад выбарамі затрымалі, прычым частку з іх абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе.
Да гэтай жа групы пакуль яшчэ адносіцца і сам Лукашэнка. Найвышэйшую падтрымку ЦВК прыпісваў яму на выбарах 2015 года — тады абвясцілі, што палітык набраў 83,47% галасоў выбаршчыкаў. Найменшы афіцыйны паказчык агучвалі ў 2001 годзе — то-бок на самых першых выбарах, падчас якіх ЦВК ужо быў цалкам падкантрольны палітыку. Сцвярджалася, што за Лукашэнку прагаласавала 75,65% выбаршчыкаў, а за яго канкурэнта Уладзіміра Ганчарыка — 15,65% (гэта, дарэчы, максімум, які ўлады прыпісвалі апазіцыйным кандыдатам). Адзіныя ж выбары, на якіх афіцыйны вынік Лукашэнкі ў цэлым не аспрэчваецца, прайшлі 30 гадоў таму, у 1994 годзе, тады ў першым туры ён набраў 44,82%.
Зусім нясціплыя дыктатары
Зрэшты, многія дыктатары наогул забываюць пра сціпласць, калі патрабуюць народнай «падтрымкі» для сябе, і не бянтэжачыся малююць паказчыкі, якія перавышаюць 90%. Цікава, што, як правіла, рэшткі дыктатарскай сціпласці з часам знікаюць. Як у таго ж Лукашэнкі, які на першых выбарах з падкантрольным яму Цэнтрвыбаркамам у 2001 годзе афіцыйна атрымаў 75,65% галасоў, а ў 2025-м, як прадказваюць прапагандысты, можа атрымаць і больш за 90%.
Так, у кастрычніку 2020 года нязменны з 1994 года прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, паводле афіцыйных звестак, атрымаў 90,92% галасоў выбаршчыкаў. Да гэтага ён абіраўся на сямігадовыя тэрміны ў 1999, 2006 і 2013 гадах, і ні адзін з яго канкурэнтаў ні разу не змог набраць нават 10% галасоў. Але, напрыклад, у 2013 годзе Рахмон быў прыкметна сціплейшы: тады мясцовы ЦВК абвясціў, што ён атрымаў 83,6% галасоў выбаршчыкаў.
Узорна нясціплымі былі выбары, арганізаваныя італьянскімі фашыстамі ў перыяд кіравання дыктатара Беніта Мусаліні. Яны не толькі ліквідавалі ўсе партыі, акрамя сваёй, але і перад выбарамі складалі гатовы спіс дэпутатаў парламента, за які прапаноўвалася галасаваць выбаршчыкам. Пры гэтым права голасу мелі толькі сябры праўладных прафсаюзаў, вайскоўцы і святары. З такім падыходам, напрыклад, у 1929 годзе партыі Мусаліні ўдалося намаляваць сабе маналітную ўсенародную падтрымку на ўзроўні 98,43% галасоў выбаршчыкаў.
Зрэшты, Лукашэнка, Рахмон і нават фашысты Мусаліні выглядаюць дылетантамі на фоне Хафеза Асада, бацькі цяперашняга сірыйскага дыктатара Башара Асада. На выбарах 1999 года ён быў адзіным кандыдатам, і выбаршчыкам прапанавалі ўхваліць ці адхіліць яго персону. Афіцыйна было абвешчана, што палітыка падтрымала 99,99% выбаршчыкаў, а на дзяржаўным тэлебачанні расказалі, што толькі 219 сірыйцаў прагаласавала супраць. Праўда, усяго праз год састарэлы «ўсенародна любімы» дыктатар памёр, і імітацыю прэзідэнцкіх выбараў у Сірыі давялося праводзіць зноў. З прадказальным вынікам у выглядзе перамогі для яго сына.
Але самым нясціплым дыктатарам быў не Асад-старэйшы і нават не Сталін, Гітлер ці дынастыя Кімаў у Паўночнай Карэі. Хоць менавіта КНДР, відаць, ёсць цяпер эталонам у галіне дэманстрацыі дыктатарскай фанабэрыі.
Рэкордны і практычна недасяжны ўзровень народнай падтрымкі дыктатара паказалі выбары 1927 года ў Ліберыі. Тады абіраўся на трэці прэзідэнцкі тэрмін Чарлз Кінг (ён ішоў на выбары ад Партыі сапраўдных вігаў, якая мела фактычную манаполію на ўладу ў краіне з 1899 да 1975 года), які, паводле афіцыйна апублікаваных звестак, атрымаў 240 тысяч галасоў выбаршчыкаў — пры тым што ўсяго ў краіне права голасу было менш чым у 15 тысяч чалавек. Такім чынам, яго падтрымка сярод грамадзян дасягнула фантастычнага ўзроўню ў 1600%. Як так атрымалася? У сталіцу Манровію ў дзень галасавання прывезлі правадыроў плямёнаў — а аддадзеныя імі галасы (само сабой, за Кінга) палічылі нестандартна: памножыўшы іх на колькасць людзей у плямёнах, якіх прадстаўлялі гэтыя правадыры.
Не будзем загадваць, але, здаецца, перасягнуць гэты дзівосны ўзровень народнай падтрымкі ў Лукашэнкі не атрымаецца.
Чытайце таксама


